МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА РАМЕ́СНЫХ ВУЧНЯЎ.

Існавала ў 1896—1918 у Мінску пры гар. кіраўніцтве. Утрымлівалася за кошт казны і платы за навучанне. Мела 3 аддзяленні: слясарна-кавальскае, сталярна-такарнае і ліцейнае. Апрача слясарнага, сталярнага, чыгуналіцейнага майстэрства вывучаліся рус. і лац. мовы, законавучэнне правасл. і каталіцкага веравызнання, матэматыка, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, спевы, геаметрыя, фізіка, чарчэнне, маляванне. У 1915 вучылася 108 юнакоў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Тулу.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)